БУГЕ́РА—ЛА́МБЕРТА—БЭ́РА ЗАКО́Н,

вызначае паступовае аслабленне паралельнага монахраматычнага пучка святла пры распаўсюджванні яго ў паглынальным асяроддзі. Выражаецца формулай I = I0 exp(−μd) , дзе I — інтэнсіўнасць пучка святла, што прайшоў праз слой рэчыва таўшчынёй d, I0 — інтэнсіўнасць уваходнага пучка, μ — паказчык паглынання святла, які залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва. Для разбаўленага раствору паглынальнага рэчыва ў непаглынальным растваральніку μ = χC, дзе χ — паказчык паглынання святла на адзінку канцэнтрацыі C паглынальнага рэчыва ў растворы. Адкрыты ў 1729 П.Бугерам, падрабязна разгледжаны ням. вучоным І.Г.Ламбертам у 1760 і доследна правераны для раствораў ням. вучоным А.Бэрам у 1852.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)